22 ліпеня 2022 г. — 170 гадоў з дня нараджэння Марыі Яраславаўны Андрайковіч-Бутаўт (1852–1933), жывапісца, першай прафесійнай жанчыны-мастачкі з Беларусі
Марыя Яраславаўна Андрайковіч-Бутаўт нарадзілася 22 ліпеня 1852 г. ў мястэчку Баландзічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці) у сярэднезаможнай маянтковай дваранскай каталіцкай сям’і старажытнага роду Бутаўт-Андрайковічаў. Бутаўт-Андрайковічы адносіліся да карэнных радоў сярэднезаможнай маянтковай шляхты Гродзенскага і Пінскага павета ВКЛ, дзе займалі мясцовыя земскія пасады. Поўнае яе імя, атрыманае пры хросце ў каталіцтва, было «Марыя Магдалена Эліза Бутаўт-Андрайковіч». Бацька, Яраслаў Міхалавіч Бутаўт-Андрайковіч, валодаў маёнткам Гарнастаевічы (3167 дзесяцін зямлі і лесу) у Ваўкавыскім павеце Гродзенскай губерні, маёнткамі Кабуззе і Мінкаў. У Марыі Магдалены былі дзве родныя сястры — Малгажата (Рыта) і Марыя.
2019 г. — 460 гадоў з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах в. Баландзічы (Іванаўскі р-н; 1559)
Вёска Баландзічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1559 г. У дакуменце Вялікага Княства Літоўскага «Рэестр лясных пушчаў» успамінаецца: «Прайшлі ў 1559 годзе цераз раку Прыпяць і Піну міма Дольска і Баландзіч к Гліннай». Вёска з’яўлялася шляхецкім маёнткам, пазней узнік фальфарак.